?

Log in

No account? Create an account

Першы дзень вясны, на вуліцы яшчэ сапраўдная зіма, але настрой цудоўны. Сёння я іду на канцэрт групы Atlantica. Так-так, гэта той беларускі англамоўны гурт з прыгожым фронтмэнам з бародкай. Калі казаў пра гэта сябрам, яны здзіўляліся і пыталіся, ці існуе яшчэ гэты гурт. Гады маўчання сказваюцца, але прыгожую баладу Behind the destiny узгадваюць многія.  Апошнія гады пра гэты праект не было нічога чуваць, хоць Алекс Дэвід і з'яўляўся час ад часу ў медыйнай прасторы. Atlantica мне падабаецца з самага пачатку свайго існавання. Кожны выпушчаны альбом быў абсалютна выдатным, а іх выйшла 4 паўнафарматных і 1 ЕP. Кожны альбом дадаваў свае перлы ў скарбонку творчасці гурта. З такім багажом якаснай музыкі можна было б доўга жыць у беларускім шоу-бізнэсе. З самага пачатку гурт Atlantica быў для мяне найлепшым беларускім музычным прадуктам, ён моцна адрозніваўся ад усяго нашага мясцовага. Так здарылася, што я вырас на еўрапейскай музыцы і ў гурце Atlantica адразу ўбачыў гэтую еўрапейскасць. Гэта і прадуманыя вобразы ўдзельнікаў (a  іх, як мы памятаем, было некалькі), і якасныя аранжыроўкі, і англійская (а потым і французская) мова. Але самае галоўнае - моцны сапраўдны вакал Алекса Дэвіда. Перад канцэртам праслухаў усе альбомы гурта, каб асвяжыць эмоцыі (2005 Heavenly, 2007 Urbanoid, 2009 Taboo, 2012 V). Першага ЕP 2004 Atlantica ў маёй калекцыі не хапае. Мне ўжо раней даводзілася бываць на канцэртах Atlantica ў КЗ ''Мінск'' і кожны раз гэта было цудоўна. З задавальненнем узгадваю пафасны выхад на сцэну аркестра праз залу ў 2007 годзе і французскі шарм праграмы ''Дыхание Франции'' ў 2012. Сённяшні канцэрт абяцае быць незвычайным. Па-першае, таму што ён пройдзе пад акампанемент Premier Orchestra; па-другое, на сцэну выйдуць запрошаныя госці; па трэцяе, Алекс выканае не толькі свае кампазіцыі, але і вядомыя хіты Фрэнка Сінатры, Барбары Стрэйзанд, Адэль, Эдыт Піаф. Трэба адзначыць і саму пляцоўку. Prime Hall - сапраўды ўтульнае і прыгожае месца з клубнай атмасферай. 

Read more...Collapse )
Je ne vis que pour hier / Pour revoir ton visage... (Я жыву ўчорашнім днём, каб зноў убачыць твой твар...) На вачах слёзы, калі я падпяваю Патрысіі Каас. Гэты голас, ён настолькі моцны, што сэрца калоціцца, калі слухаеш французскую дзіву ўжывую. Як можа ў гэтай худзенькай жанчыне жыць такі моцны голас? Кожная песня - гэта свая гісторыя. Сапраўдная, перажытая. Інакш бы не адгукалася ў сэрцах слухачоў. А яе песні адгукаюцца. Ужо не першы раз Патрысія Каас прыязджае ў Мінск і збірае поўны Палац Рэспублікі. У адрозненні ад папярэдняй праграмы 2013 года "Kaas chante Piaf" (https://pavelsim.livejournal.com/11159.html), гэта быў не пастаўлены рэжысёрамі спектакль, а вельмі жывое выступленне.
Апошні яе альбом 2016 года называецца проста "Patricia Kaas". Ён вельмі прыватны, мне падаецца. Я яго ўспрымаю, як расповед жанчыны пра сваё жыццё, досвед, свае перажыванні і раны. Большую частку песень з альбома Каас спявае на канцэрце, але і вядомыя хіты не абмінае. Mon mec à moi, Mademoiselle chante le blues, Je voudrais la connaître і іншыя уключаны ў праграму. Kennedy Rose выконваецца ў такой выбітнай аранжыроўцы, што дрыжыкі бягуць. Я быў шчаслівы пачуць гэтыя хіты ў жывым выкананні. На апошнім канцэрце, прысвечаным Эдыт Піяф мне іх не хапіла. Паміж песнямі спявачка размаўляла з публікай на французцкай і англійскай мовах, свабодна рухалася па сцэне, танцавала. Беларускую публіку не лёгка расштурхаць, таму ў сярэдзіне канцэрта спявачка папрасіла людзей не саромецца, падымацца з месцаў і падыходзіць да сцэны. Здаецца з гэтага моманту канцэрт пайшоў так, як хацела гэтага сама артыстка. Публіку нібы растапілі. Людзі паплылі да сцэны, ахова напраглася. Артыстка спыніла музыку і  папрасіла ахову не стрымліваць людзей. Яна сама кіравала сваім канцэртам і не баялася натоўпу прама ля яе ног.  Я таксама спусціўся ўніз. Стаяць прама ля сцэны, падпяваць Каас, бачыць усе эмоцыі на яе твары і пражываць яе гісторыі, якія перагукаюцца з маім жыццём - гэта нібыта ток, які праходзіць наскрозь. Гэты ток заражае, але адначасова і асвабаджае эмоцыі, якія выходзяць слязамі. Sans toi le ciel est sombre / Je nous veux dans la lumière / Laisse moi crier ton nom... (Без цябе нябёсы цёмныя. Я хачу быць з табой у святле. Дазволь мне крычаць тваё імя…)
Фотавыстава Кацярыны Сарокінай ''DOANDAMARa" 19.10.2017
Галерэя народнага фотаклуба ''Мінск''
Read more...Collapse )
Восеньскі цёплы вечар у цэнтры Мінска. Ныраю ў арку і пападаю ў іншае вымярэнне -  каляровае. Паўсюль лісце. На дрэвах, у паветры, на зямлі. Усё навокал чырвона-рыжае. І такі моцны пах восені, пах лісця, пах радасці з дзяцінства. Сюды прымешваецца пах і гук горада з таго боку аркі-партала. У цокальным паверсе дома знаходзіцца галерэя народнага фотаклуба ''Мінск''. Яе дзверы адчынены. Туды раз-пораз ныраюць прысвечаныя. Мы з сябрам накіроўваемся да дзвярэй. Ля ўваходу заўважаю шэрую афішу: Kate Sorokina "Doandamara''.  Мы ныраем у неонавае святло галерэі і раптам фарбы нібы выключылі. Галерэя дыхнула чорна-белым ветрам у твар.  Навокал толькі белыя сцены і чорна-белыя фатаграфіі ў белых рамках. Займаем месцы, пачынаецца імпрэза. Слова па чарзе бяруць члены фотаклуба, куратар выстаўкі, вопытныя фатографы і сама Каця Сарокіна. Дзяўчына закончыла курс фатаграфіі пры клубе і дэбютуе гэтай выставай з мэтай уступлення ў клуб. Крытыкі, умудроныя вопытам, вельмі дасканала ацэньваюць работы і даюць падрабязныя каментары. Ад іх слоў чорна-белыя фатаграфіі пачынаюць ажываць. Перспектыва, фактура, японская паэзія, асацыяцыі, унутраны свет аўтара... Тут тэкстаў няма, але тут поўна думак. Тэкст толькі на афішы да выставы. У ім ідзе тлумачэнне назвы "Doandamara''. Тэкст заблытаны і складаны, яго крытыкуюць. Чорна-белая прастора галерэі ламаецца ад слоў і эмоцый. Гэта нейкі зусім іншы свет - свет фотамастацтва. Мэтры высока ацанілі выставу. Кацю прымаюць у члены народнага фотаклуба, уручаюць грамату і значок члена клуба. Яго ўручаюць ужо больш за 30 гадоў. Тут свае традыцыі. Пасля афіцыйнай часткі пачынаецца фуршэт. Смачныя торты ад Каці падказваюць, што яна не толькі творчы чалавек, але і добрая гаспадыня. Сама Каця наконт творчага чалавека няўпэўнена. ''Я наскрозь тэхнар! А маё захапленне фатаграфіяй - гэта спроба даказаць сабе, што ў ва мне ёсць хоць калева творчасці. Сваімі работамі я проста выражаю сябе, паказваю свой унутраны свет. Вы не абавязкова павінны ў іх бачыць тое, што я бачу.'' Я ўглядаюся ў фатаграфіі і на асацыяцыях бачу незямныя пейзажы Язэпа Драздовіча, муры старога замака, ландшафты Месяца, зорнае неба, пяскі пустыні з вярблюдам, стадыі развіцця эмбрыёна... Госці разглядаюць работы, дыскутуюць, гартаюць фотакнігі, віншуюць Кацю з удалым пачынам. Чорна-белая галерэя стала ўтульнай і гасціннай. Мы развітваемся і нас прымае ў свае абдымкі рыжы двор, ужо падсвечаны ліхтарамі. Праз арку-партал мы зноў вяртаемся ў горад. Вечар такі цудоўны і ён яшчэ не завершаны.

Мары

Самае галоўнае - гэта марыць. Трэба абавязкова радавацца таму, што маеш, цаніць гэта і марыць пра новае, добрае, лепшае, неверагоднае. Тады нечакана сустракаюцца патрэбныя людзі, узнікаюць незвычайныя сітуацыі, адкрываюцца новыя магчымасці і з'яўляецца шанец для ажыццяўлення мары. Я жыву марамі, бо яны здзяйсняюцца.

11.02.2016
Натхненне - рэч не пастаянная. За апошнія дні ад некалькіх чалавек чуў, маўляў, натхненне знікла. Адна маладая спявачка, разважаючы на гэтую тэму, прыйшла да высновы: "Я натхняюся жыццём." Абслалютна з ёй згодны. Я таксама натхняюся жыццём, людзьмі, здарэннямі, музыкай, фільмамі, тэлеперадачамі, вандроўкамі, фота і проста атмасферай, добрай кампаніяй, кубкам гарбаты. Самае галоўнае - жыццёвы пазітыў. Натхнення вам, сябры!
01.02.2016

Менская ратуша

bel/deu 06.06.2016
Вы былі калі-небудзь у менскай ратушы?
А ці задумваліся пра значэнне гэтага будынка?
Read more...Collapse )
Напярэдадні Ночы музеяў мне пашчасціла прагуляцца па залах гэтага адноўленага Дома саветаў. Менавіта так з нямецкай мовы перакладаецца слова ''ратуша''.
Вось вам пару фотаздымкаў ды гістарычных фактаў пра менскую ратушу ў ленту.
- Ратуша - сімвал незалежнасці горада ад феадала. Раней у ратушы засядаў магістрат - орган самакіравання горада, а таксама захоўваліся асноўныя дакументы і цэхавыя харугвы. Такім чынам ратуша - галоўны адміністратыўны будынак старога горада.
- Ратушу маглі мець толькі гарады, якія атрымалі права на самакіраванне, так званае Магдэбургскае права. Менск яго атрымаў 14.03.1499 ад Вялікага князя літоўскага Аляксандра.
- Першыя ўпамінанні пра існаванне ратушы на тэрыторыі Верхняга рынку адносяцца да канца 16 ст. Менскую ратушу знеслі ў 1857 годзе па загаду цара Мікалая І, каб яна не нагадвала пра былыя вольнасці часоў Рэчы Паспалітай. А беларускія землі сталі Паўночна-Заходнім краем Расійскай імперыі.
- У Расіі ратуш не было, гэта выключна еўрапейская гісторыя. Не забываем!
-Менскую ратушу аднавілі пад кіраўніцтвам архітэктара Сяргея Багласава на месцы старога фундамента, прыклаўшы намаганні, каб захаваць гістарычны выгляд будынка. Урачыстае адкрыццё адбылося 4.11.2004. Будынак упрыгожвае гарадскі герб і вежавы гадзіннік, які кожную гадзіну адбівае музыку Ігара Лучанка. Гэта мелодыя прыпеву з песні на словы Пімена Панчанкі ''Мой родны Мінск, пад небам жураўліным...'' Сёння будынак ратушы выкарыстоўвываецца як музейная прастора і для ўрачыстых мерапрыемстваў.
-Акрамя Менску, адрэстаўраваныя ці адноўленыя гістарычныя ратушы сёння ёсць у Шклове, Чачэрску, Слоніме, Магілёве, Нясвіжы і Віцебску.

Шануйце сваю гісторыю!
Нам ёсць чым ганарыцца.

Minsker Rathaus wurde 2004 wiederaufgebaut an seinem historischen Platz. Seit dem 16. Jahrhundert gab es in Minsk ein Rathaus. 1857 wurde es nach Befehl des russischen Zaren Nikolaus I. ruiniert, damit die Belarussen seine europäische Geschichte vergessen. In Russland gab es keine Rathäuser. Das ist ausschließlich europäische Geschichte, die mit dem Stadtrecht (Magdeburger Recht) verbunden ist. 7 Städte von Belarus haben ihre historische Rathäuser erhalten oder wiederaufgebaut.

Кавярня-клуб "Грай"

Новае месца з беларускай кухняй адкрылася ў Верхнім горадзе па вуліцы Інтэрнацыянальнай ля сядзібы Ваньковічаў у будынку 18 ст. Вырашылі зайсці, папіць кавы, пазнаёміцца з установай. Ветлівая і спакойная дзяўчына ў шляхецкім строі сустрэла нас каля гардэроба. Яна выглядала так аўтэнтычна, што падалося, нібы яна, як добры прывід, жыве ў гэтых сценах з 18 стагоддзя. Яна запрасіла нас зайсці, аглядзецца, пагартаць меню. За маленькім уваходным ганкам аказалася вялікая ўстанова з некалькімі заламі на двух паверхах і танцполам. Інтэр'ер даволі стрыманы і цёмны. Толькі вітражы па матывах твораў Марка Шагала і Казіміра Малевіча ды падложкі на стол з выявамі ''Спартсменаў'' Малевіча разбаўляюць цёмна-шэры змрок. Магчыма ўвечры, калі выступаюць музыкі, тут больш ярка. У залі ля бара нас сустрэла маладая афіцыянтка і з задавальненнем правяла на другі паверх, распавяла пра ўстанову, паказала меню і расказала як гатуюцца старабеларускія поліўкі ды наліўкі па Зборніку ліцвінскіх рэцэптаў. Такая добразычлівасць, ненавязлівасць і прафесіяналізм дзяўчыны нас падкупілі. Мы вырашылі застацца на абед. Выбралі светлую залу з цаглянымі сводамі. Атмасфера Мірскага замку. Мне трошкі не хапіла тэкстыльнага аздаблення для ўтульнасці. Знаёмства вырашылі пачаць з фірменнага драніка ''Грай'' (70тыс.) і самаробнага квасу ды журавінавага морсу (па 20 тыс.) Пад ласкавае ''Смачна есці!'' ад афіцыянткі дранік сапраўды аказаўся смачным і сытным. І напоі былі цудоўныя. Ненавязлівая беларускамоўная музыка падкрэслівала ''тутэйшую'' атмасферу. Раю аматарам беларускай кухні і замежным гасцям. Меню на англійскай мове, праўда, няма. Параіў перакласці для турыстаў. Усё ж-такі Верхні горад, турысты тут ёсць. Мы засталіся прыемна ўражаныя і ежай, і сервісам, і месцам. 25.05.2016
Фото Pavel Sim.

Ленінскі раён

Спатрэбілася мне знайсці ў інтэрнэце адрас адміністрацыі Ленінскага раёна нашай сталіцы. У якіх толькі гарадах няма Ленінскага раёна! Напэўна такі ёсць ледзь не ў кожным ажно да Петрапаўлаўска-Камчацкага. Жах! А калі няма Ленінскага, то абавязкова знойдуцца маскоўскія, першамайскія, фрунзенскія, цэнтральныя альбо кастрычніцкія. Калі ўжо вернемся да свайго і пачнем паважаць гісторыю? А між іншым, менская тапаніміка мела свой каларыт: Пярэспа, Цівалі, Ляхаўка, Весялоўка. Зразумела, не ўсё так трагічна. Ёсць жа на карце горада Няміга, Траецкае і Ракаўскае прадмесці. Новыя станцыі метро атрымоўваюць мясцовыя назвы. Новыя вуліцы славяць беларускіх дзеячоў. Але стары цэнтр як і назвы адміністратыўных раёнаў застаюцца пакуль недатыкальнымі!

Павінны мы вытокі берагчы,
Як воі колісь шлемы і мячы,
Тады заўжды нас будзе абмываць
Паток жыцця і сілы надаваць.

(з паэмы "Вытокі")

6.06.2016

DALI & PICASSO

З кожным годам усё больш і больш цікавых культурных мерапрыемстваў адбываецца навокал. І гэта цудоўна! У 2015 годзе мне давялося наведаць выстаўку прыватнай калекцыі твораў Пабла Пікаса і Сальвадора Далі ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі ў Мінску. Выстаўка была сапраўды цікавая і вартая ўвагі. Яна выклікала ў мяне шквал думак і эмоцый. Гартаючы свой нататнік, я эмацыянальна вярнуўся ў той цёплы дзень напачатку лета.
Read more...Collapse )

У адной зале прадстаўлены карціны і кераміка Пікаса і яшчэ ў дзвюх залах - творы Далі. У відэасуправаджэнні ўладальнік калекцыі распавядае пра мастакоў, выстаўленыя творы і гісторыі іх набыцця, дзеліцца сваімі ўражаннямі ад успрыняцця твораў гледачамі. Я пакіну прафесіяналам апісваць мастацкую вартасць твораў, выкажу толькі свае суб'ектыўныя ўражанні ад прагляду выстаўкі і ад атрыманай інфармацыі.

Пікаса на працягу жыцця радыкальна змяняў накірункі сваёй творчасці. Змяняліся тэмы, тэхнікі, матэрыялы, дамінуючыя фарбы. Мала хто з вялікіх творцаў здольны да гэтага. Гэтая думка стала сапраўдным адкрыццём для мяне. Чамусьці адразу ўзгадаліся музычныя зоркі. Некаторыя не здраджваюць свайму стылю на працягу ўсяго творчага жыцця. А некаторыя пастаянна эксперыментуюць з гучаннем, знешнім выглядам, вобразамі, эмацыянальнай падачай. Творчасць - гэта адлюстраванне жыцця. Чалавек змяняецца, узнікаюць новыя інтарэсы і зацікаўленасці, сустракаюцца новыя людзі на жыццёвым шляху. І ўсе гэтыя акалічнасці не могуць не ўплываць на светапогляд, на творчасць.

У канцы свайго жыцця Пікаса лічыў, што дасягнуў вяршыні імітацыі дзіцячага мастацтва. Наколькі гэта геніяльна - не мне судзіць. Зараз гэтыя творы каштуюць дорага, як і падлога, па якой хадзіў Майстар. Такім чынам, дастаткова зрабіць нешта адно геніяльнае, каб усё астатняе таксама лічылі калі не геніяльным, то вартым увагі і грошай.

Фантазійныя вобразы Сальвадора Далі нагадалі мне дзіцячае светаўспрыманне. Кожнае дзіця жыве ў свеце сваіх фантазій, але з гадамі фантазіі блякнуць і дзеці пераўтвараюцца ў сур'ёзных дзядзечак і цёцечак. Напэўна, геніяльнасць заключаецца ў тым, каб выразіць свой унутраны свет. А дзеці гэта робяць кожны дзень. Не падумайце, што хачу прынізіць творчасць Майстра. Ён быў упэўнены ў сваёй геніяльнасці.

Далі лічыў, што іспанская культура боская. Гэтая думка прымусіла мяне прызадумацца. А ці магу я сваю родную беларускую культуру назваць боскай? Нейкім калейдаскопам круцяцца ў галаве вясёлыя народныя танцы, жалобны фальклор, ''Лявоніха'', ''Купалінка'',''Пінская шляхта'', палацы, палацыкі і храмы, раскіданыя па ўсёй Беларусі, гукі паланэзу ў сядзібе Агінскага ў Залессі, ''Полацкі сшытак'' Харошак у Траецкім і шмат чаго яшчэ. Ці магу я сказаць, што культура Беларусі боская? Не, для мяне яна людская. Шукаю ёмкі прыметнік... і не магу знайсці. Прашу сяброў адным словам ахарактарызаваць беларускую культуру. ''Местачковая, - кажа сябар і разважае. - Сьпевы, танцы, вячоркі ды сьвяты проста дапамагалі людзям выжыць, перадыхнуць ад цяжкай паўсядзённай працы, выказаць свае праблемы і перажыванні. Пра боскасць тут і размовы не можа быць.'' Местачковая, прывязаная да месца, да моманта, да падзеі. Няхай будзе так. І я ў ёй жыву і ганаруся.
10.05.2015

Фото Pavel Sim.

Браславы 27-28.08.2016

Лета 2016 мы завяршылі грандыёзнай паездкай у Браслаўскі азёрны край. Гасцінныя гаспадары Александр Лебецкий і Рыгор Кузьміч (Grigoriy Kuzmich) цёпла нас прымалі на сваім хутары ў фермерскай гаспадарцы “Ілгайцы”. Атрымаўся такі душэўны і па-сямейнаму ўтульны адпачынак, што пазітыўныя эмоцыі і ўражанні проста пераліваюцца праз край. Але ўсё па парадку. У суботу раніцай мы выехалі з Менску. Дабраліся да Вілейскага вадасховішча. Мост праз вадасховішча мяне заўсёды ўражвае. У пахмурны дзень, калі неба вісіць нізка, адчуванне, што едзеш прама па вадзе. За Мядзелам зрабілі прыпынак на прыгожай паркоўцы з альтанкамі-ладдзямі. Праехалі Паставы. Далей арыентуемся па вёсках: Казяны, Відзы, Мурмішкі, Опса. Назвы “Мурмішкі” і “Шурпікі” вызываюць радасны смех. Такія вось добрыя і самабытныя назвы ў Браслаўскім краі. Ад велічных касцёлаў у Віндзах і Опсе ў нас адвіслі сківіцы. Запісваю гэты маршрут у свой краязнаўчы нататнік. Тут ёсць, што паглядзець. За Опсай мы з’язджаем у поле і Саша, як навігатар, вядзе нас па тэлефоне праз поле, лес, уздоўж возера, паўз хутары. Толькі слупы абапал дарогі нагадваюць пра існаванне цывілізацыі ў гэтых мясцінах.
Гаспадары сустракаюць нас каля свайго прыгожага дома пад чырвоным дахам з самаробнай крамбамбулей, маласольнымі агурочкамі і сырам са сваёй гаспадаркі. Я настолькі быў уражаны такім прыёмам, што радаваўся не менш за вясёлага сабаку Паспарту, які тут жа ўсіх абнюхаў і аблізаў. А якая была крамбамбуля па фірменным гаспадарскім рэцэпце – проста песня! Далей гаспадары паказалі нам свае ўладанні. На 1 гектары зямлі стаіць дом, лазня і гаспадарчыя пабудовы. Усё гэта акружана садам, лесам і возерам. Яшчэ чвэрць гадзіны таму я сумняваўся ў наяўнасці цывілізацыі ў гэтых глухіх мясцінах, а зараз я здзіўляюся, як магчыма пабудаваць такую ўтульную сядзібу з усім гарадскім камфортам на ўлонні прыроды.
Дом мяне вельмі ўразіў смелымі спалучэннямі старога і новага. Я ўпершыню ўбачыў, каб вясковую хату вось так пераўтварылі ў шыкоўны загарадны дом. Аголены брус знутры надае дому сапраўдную ўтульнасць. Печка, як і павінна быць у хаце, займае цэнтральнае месца. Але якая гэта печка! Сапраўдны твор мастацтва. З аднаго боку – адкрыты камін, а з другога – печка для чугуноў. Яна стаіць пасярод хаты і без лішніх перагародак дзеліць прастору на функцыянальныя зоны: сенцы, кухня, сталовая і зона адпачынку перад камінам. Вельмі ўдалае рашэнне! На вокнах ільняныя фіранкі. Сцены аздоблены карцінамі. Столь трымаюць уперамешку старыя і новыя бэлькі. Гэты прыём адразу дае зразумець, што хату перабудоўвалі з душой, стараючыся захаваць яе аўтэнтычныя элементы. Пазней мы даведаліся, што масіўныя сталы і лавы ў доме і ў альтанцы зроблены з рэштак хлявоў. Вось так! Другі паверх дома займае спальня з вокнамі да падлогі і выхадам на балкон, з якога адкрываецца незвычайнай прыгажосці від на возера Ілгайцы. Нездарма гэты балкон аблюбаваў сабе чорны гарэзлівы каток Гегемон. Уяўляю, як прыгожа сюды выходзіць раніцай і пачынаць свой дзень з кубка кавы ці гарбаты. Прыгажосць!
На абед Рыгор частаваў нас смачным наварыстым гарохавым супам. Тое, што трэба з дарогі! Пасля абеду хлопцы нам паказалі сваю гаспадарку. Яны тут трымаюць курэй, трусоў, казу і карову. Прадукты з гаспадаркі ідуць не толькі на свой стол, але і на продаж. Замовіць малако, яйкі, твораг, сыр і іншыя сезонныя прадукты можна праз сайт илгайцы.бел, а ўсе навіны і цікавыя рэцэпты даведацца са старонкі ў фэйсбуку Продукты от Фермерского хозяйства "Илгайцы". Завяраю, што сыр хлопцы робяць выключны! Такога смачнага сыру ў магазіне не купіш. Для маленькага Крысціка гэта была першая вялікая паездка і першае знаёмства з хатнімі жывёламі. Катоў і сабак мы ўжо бачылі раней, а вось рагатую казу,вялікую карову, спрытных курэй, гарластага пеўня ды маленькіх трусоў не даводзілася. Як толькі мы падыйшлі да куратніка, куры кінуліся да нас, напужаўшы малога, і ён хуценька забраўся да бацькі на рукі. Тут бяспечней. А потым мы плавалі па возеры на лодцы. Як гэта рамантычна, калі вада зіхаціць пад ласкавым жнівеньскім сонцам і вецер гойдае гарлачыкі ў завадзі. У лодцы хочацца памаўчаць пасля гарадскога шуму, паслухаць вецер, пажмурыцца на сонцы, адчуць халодныя кроплі вады з вёсел. Але час прычальваць, лазня ўжо натоплена. Яна стаіць на беразе возера і вялікія вокны з парылкі і прыдбанніка выходзяць прама на ваду, а гэта прыгожа ў любую пару года. І летам, калі возера вабіць сваёй прахалодай, і зімой, калі яно замярзае. Позна ўвечары, калі ўсе напарыліся, пачынаем смажыць шашлыкі. Прама ў доме, у каміне. Там прадугледжана спецыяльная металічная канструкцыя для шампуроў ці рашоткі. Рыгор спакойна, але прафесіянальна ўпраўляецца з мясам. Шашлыкі не любяць мітусні. А мы, як каты, сядзім-ляжым перад камінам. Вечар быў доўгім і вясёлым. У вялікай альтанцы каля дома пад шашлык мы распавядалі пра свае жыццёвыя прыгоды і цікавыя здарэнні, распытвалі хлопцаў пра іх гаспадарку. Я абсалютна згодны з Сашай, які тым вечарам сказаў, што самае галоўнае ў жыцці – гэта людзі, якіх ты сустракаеш на сваім жыццёвым шляху. Я шчаслівы ад таго, што ў той вечар мы сустрэліся пад браслаўскімі зорамі такой цудоўнай душэўнай кампаніяй.
Наступны дзень пачаўся сняданкам з найсмачнейшымі сырнікамі са свойскага творагу. Такіх сырнікаў я, напэўна, ніколі не каштаваў. Дзень прайшоў у спакойным адпачынку. Хто загараў, хто купаўся, хто спаў. Пасля абеду пачалі збірацца ў Менск. Гаспадары далі нам сваіх прысмакаў з сабой. Такая вось душэўная беларуская гасціннасць.
Пасля такіх выходных не шкада і развітвацца з летам. Лета праходзіць, а вось добрыя людзі застаюцца. Жадаю вам поспеху і ўнутранай гармоніі, мае дарагія!

Фото Pavel Sim.





Фото Pavel Sim.Фото Pavel Sim.